Мы ідзем глядзець паэзію!

Мы ідзем глядзець паэзію!

Выстаўка “ЛІТÄRA. Візуальныя даследаванні паэзіі” адкрыецца ў мінскім Інстытуце імя
Гётэ 8 верасня 2010 года ў 19.00 гадзін.
Беларускім мастакам былі прапанаваны тэксты сучасных нямецкамоўных паэтаў у арыгінале і
ў перакладзе на беларускую мову. Выбраўшы адзін альбо некалькі тэкстаў, кожны удзельнік
праекта паспрабаваў “даследаваць” яго, ужываючы сродкі выяўленчага мастацтва.

Знешняя арганізацыя моўных знакаў канстытуіруе паэзію як жанр. Што адбываецца з тэкстам,
калі яго візуальны кампанент набывае большую інтэнсіўнасць праз увядзенне ў прастору
выяўленчага мастацтва? Як уздзейнічаюць схаваныя ў тэксце вобразы, робячыся бачнымі?
Гэтым пытанням, вобразам з паэтычных тэкстаў Ільмы Ракузы, Андрэаса Альтмана, Монікі
Рынк і Ульрыкі Зандзіг, а таксама такім феноменам, як чужая мова, дзвюхмоўе, пераклад,
прысвечаны інсталяцыі, жывапісныя, графічныя і відэаработы, прадстаўленыя на выстаўцы.
З 8-га па 30-га верасня ў актавай зале і ў бібліятэцы Інстытута імя Гётэ па адрасе вул. Веры
Харужай 25/3 можна ўбачыць творы Руслана Вашкевіча, Міхаіла Гуліна, Сяргея Ждановіча,
Сяргея Кірушчанкі, Аляксея Іванова, Аляксея Лунёва, Зоі Луцэвіч, Мікалая Батвінніка,
Аляксандра Некрашэвіча, Вольгі Сазыкінай, Антаніны Слабодчыкавай і Сяргея Шабохіна.
Па папярэдніх заяўках экскурсіі праводзіць Ірына Герасімовіч, перакладчыца тэкстаў на
беларускую мову і куратарка выстаўкі.
Выстаўка “ЛІТÄRA. Візуальныя даследаванні паэзіі” адрасаваная як прафесіяналам у галіне
выяўленчага мастацтва, літаратуры і перакладу, так і шырокаму колу гледачоў, якіх цікавяць
нечаканыя сэнсавыя кантэксты, што ўзнікаюць на стыку дзвюх культур і двух відаў мастацтва.