Шчырая душа гурта IQ48

Чым можна сагрэць душу ў халодны зімовы вечар? Добрай музыкай,  пасядзелкамі ва ўтульным месцы з добрымі сябрамі з глінтвейнам або кавай. А 12 снежня ўсё гэта супала ў адзін час і ў адным месцы. У кавярне “Добрыя мыслі” прайшоў шчыры і цудоўны канцэрт. Гурт IQ48 прэзентаваў свой акустычны праект “Зрабі сам”, які быў выдадзены ў відэа-версіі на DVD. Ідэя для беларускай музыкі цікавая і незвычайная. Таму, шчыра кажучы, было цікава паслухаць гэты эксперымент музыкаў.  

 

Утульны інтэр'ер, прыглушанае святло, бар, сцэна. Людзі збіраліся-збіраліся і танцпол напоўніўся цікавай і прыгожай моладдзю. Падтрымлівалі айк`юшнікаў у гэты вечар хлопцы з гуртоў Rahis і :Б:Н:. Фармат мерапрыемства – акустыка. Першымі выйшлі на сцэну гурт Rahis. Хлопцы выканалі сумныя, настальгічныя песні, пад якія мы змаглі пасумаваць. Акустычны фармат Rahisаў для мяне звыклы, а вось :Б:Н: у акустыцы – нешта незвычайнае. Лірычна і заспакаяльна гучалі іх песні. Спадабалася.

 

Алесь Лютыч :Б:Н:

 

Максім Літвінец :Б:Н:

 

А пасля невялікага перапынку выйшлі галоўныя героі вечару - IQ48. Гурт мае нейкую невытлумачальную энергію і ўменне завесці людзей да дзікіх танцаў. І гэты выступ, хоць і акустыка, не прайшоў без бадзёрых танцаў, без шквалу эмоцыяў і сюрпрызаў. Адчувалась нейкая нябачная сувязь паміж музыкамі і гледачамі. Паколькі сцэны амаль няма – гэтая грань паміж музыкамі і слухачамі была сцерта, што дадала большай утульнасці і інтымнасці канцэрту.

Адным з сюрпрызаў канцэрту быў сумесны выступ з былым вакалістам гурта - Фрэйдам. Ён завітаў на канцэрт і выканаў з хлопцамі гіты “Мой клён” і “Таполі”. “Як раней, прыемна” – нехта сказаў на танцполе.

 

Павал Яноўскі IQ48

 

Хлопцы адыгралі ўсе лепшыя песні на новы лад. Сыгралі новую смешную песню “Аграгарадок” сумесна з Ганнай Даўгаполавай з гурта "Джамбібум".  Трэба адзначыць, атрымаўся цікавы эксперымент. Канцэрт быў прасякнуты свежым міксам акустычных гітараў з рэггі і хіп-хопам.

 

Яўген Бузоўскі IQ48

 

Юра Жухараў IQ48

 

Аляксандр Ракавец IQ48

 

Слухачы не жадалі адпускаць айк`юшнікаў і яны зайгралі яшчэ некалькі песень на біс.

Ад канцэрта засталіся нейкія салодкія, добрыя, сардэчныя ўспаміны. IQ48 падаравалі гледачам добры настрой. Шчырыя падзякі хлопцам за адчыненыя і шчырыя сэрцы, а таксама за цудоўныя эмоцыі.

Спадзяюся, што гурт у хуткім часе зробіць яшчэ шмат цікавых і выдатных канцэртаў.

Будзьма чакаць!

 

Уражанні Эльжбэты

Фотаздымкі Іры Хмель

 

 

Комментарии

Отправить комментарий

Содержание этого поля является приватным и не предназначено к показу.
CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
CAPTCHA на основе изображений
Введите символы (без пробелов), изображенные на картинке.