25 снежня пройдзе штогадовы Калядны фэст

Надакучылі стандартныя электронныя “елкі”? Хочацца жывой энэргетыкі, падарункаў і карнавалу? У такім выпадку, “Калядны фэст”, які 25 снежня трэці год запар прагрыміць у клубе “Рэактар” – тое, што патрэбна! Фолк-цуды ў чарадзейны вечар будуць чыніць музыкі з Litvintroll, “Рокаш”, Unia, “Кейлі Кёл” ды “Расалія”. А кожны, хто рызыкне прыйсці ў незвычайным калядным строі, атрымае музычны дыск у падарунак.
– Каляды – час руйнавання касмічнага парадку і фармавання новага году. Тут галоўнае - правільна разруйнаваць ды правільна сабраць, – жартуе пра нагоду фестывалю яго нязменны вядучы, лідэр гурта “Стары Ольса” Зміцер Сасноўскі.
На думку Зміцера, Каляды – гэта якраз той час, калі кожны можа быць сам сабой. Таму “Тролі” будуць дзікімі, “Кейлі Кёл” – адважнымі, “Расалія” – паглыбленымі ў стагоддзі. “Рокаш” будзе спяваць высокім прыгожым голасам, а UNIA пакажа сапраўдны рок-н-рольны драйв”, – прадказвае Сасноўскі. Каму, як не лідэру легендарнага фолк-гурта, ведаць “калядных” выступоўцаў, як свае пяць пальцаў. Прынамсі, тры з іх - Litvintroll, “Кейлі Кёл” і “Расалія” ўзніклі, дзякуючы цяперашнім ды былым музыкам “Старога Ольсы”. Таму “дэструктыўна-стваральнай” энэргетыкі ім не займаць!
На святочным канцэрце 25 снежня LITVINTROLL парадуе сваіх прыхільнікаў не толькі старымі, але й яшчэ не чутымі песнямі ва ўласна створаным стылі “рон-н-тролл”, які спалучае ў сабе дэз, панк-рок і г.д. Калядным сюрпрызам станецца новы бубнач калектыву. “І гэта яшчэ не ўсё!”, – абяцае лідэр Litvintroll Андрэй Апановіч.
Музыкі “КЕЙЛІ КЁЛ” правераць уплыў на калядны арганізм традыцыйнага ірландскага гучання на беларускай мове. Перакладзеныя ірландскія патрыятычныя песні, без сумневу, прыйдуцца да спадобы айчынным прыхільнікам гераічных баладаў.
“РАСАЛІЯ” падчас “Каляднага фэсту” прэзентуе гасцям “Рэактару” дзявочы пункт гледжання на старадаўнюю музыку, аформлены ў пачуццёвыя аранжыроўкі з прысмакам карнавалу.
“РОКАШ” прадставіць праграму ў стылі “электрычны неафолк-рок”, пабудаваную на сінтэзе мяккіх фолькавых мелодый, лірычнага жаночага вакалу і жорсткай хард-рокавай рытм-секцыі.
UNIA, адметная незвычайным падыходам да апрацоўкі беларускага фальклору, яркім шоў і моцнай энегретыка, заграе адмысловы калядны рэпертуар у накірунку мадэрн-фолк-рок, некаторыя творы з якога, магчыма, стануць нечаканымі для залі.
– Каляды – цудоўнае свята, бо яно набліжае нас да вясны, – лічыць вакалістка гурта Дар’я Трубіна. Як па сакрэце распавяла Дар’я, вельмі магчыма, што на свята менчукі змогуць пабачыць незвычайных калядоўшчыкаў з дудою, сярод якіх аматары UNIA без сумневу пазнаюць сваіх любімцаў.

Чакаем вас на “Калядным фэсце”!

Дар’я Гарошка

 


Квіткі: ад 15 000 да 25 000 – танцпол, 40 000 – месца за столікам.
Дзе набыць квіткі: пераход да плошчы Я. Коласа; клуб Рэактар; пераход да ст.м. Кастрычніцкая; пераход каля ГУМа; ГЦ “Купалаўскі”, 19 кропка; Iron Dream на Талбухіна, 4.
Інфа: 8 029 649 08 88 (Вэлком).

 


 

Комментарии

Отправить комментарий

Содержание этого поля является приватным и не предназначено к показу.
CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
CAPTCHA на основе изображений
Введите символы (без пробелов), изображенные на картинке.